Яблык
Ты яблыню старэнькую прыпомні,
Як дзённым хараством красуе квецьце:
як песьцяць яго сонечныя промні,
і бавіць дурасьліва цёплы вецер.
Аднак салодкі водар не насыціць,
І прыгажосьць у змроку не зазьзяе.
Цьвіце, але бяз сэнсу ды карысьці,
бо толькі пра спакой уласны й дбае.
А іншую гісторыю паслухай:
Ці бачыш сьціплы яблык недасьпелы?
Вось хутка ён, з пакораю і скрухай,
упаўшы на зямлю, загіне сьмела.
Яго ягня галоднае прыдбае,
а потым зерне разьнясе па сьвеце.
Каб захаваць таго, які канае,
ці даць жыцьцё, мо' варта і памерці?..