Курапаты
Трываючы ў смутку і жалю, штогод,
Ідзе ў Курапаты здранцьвелы народ,
Ідзе і нясе за плячыма крыжы,
Нямых абаронцаў нябачнай мяжы.
Мяжы між нябытам і цудам быцьця,
Між безданьню сьмерці і дрэвам жыцьця.
Жывыя ідуць да братоў няжывых,
Да тых, хто спачыў, да малых і сівых,
Бо кліча іх мора братэрскай крыві, -
То кроў беларуса, кроў роднай зямлі,
Мая і твая, што ліецца наноў,
Няспыннай ракою нявінная кроў.
Тут волі прагненьне і дух малады
Атручаны подыхам сьмерці гнілым.
Той жудасны подых ня вынішчыць час,
А ісьціну людзі схаваюць ня раз.
Бо хочуць сказіць, назаўжды растаптаць,
Маўчаньня пячаткай яе зганьбаваць...
Дык не забывайма ж навекі з табой
Айцоўскага краю ахвяры сьвятой.
Пранiкнёна.
swetlaja
вс, 13/11/2011 - 00:04